Літургічныя чытанні на сёння



ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Іс 38, 1–6. 21–22. 7–8

Я пачуў тваю малітву, бачыў слёзы твае

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У тыя дні захварэў Эзэхія смяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: Так кажа Пан: Распарадзіся сваім домам, бо ты паміраеш і не будзеш жыць. Тады Эзэхія адвярнуўся тварам да сцяны і маліўся да Пана, кажучы: О, Пане, успомні, як хадзіў я перад Тваім абліччам у праўдзе і са шчырым сэрцам, і чыніў добрае ў Тваіх вачах. І заплакаў Эзэхія моцна.

Тады скіраваў Пан да Ісаі слова, кажучы: Ідзі і скажы Эзэхіі: Так кажа Пан, Бог Давіда, айца твайго: Я пачуў тваю малітву, бачыў слёзы твае. Вось Я дадам да тваіх дзён пятнаццаць гадоў. Выбаўлю цябе і гэты горад з рукі асірыйскага караля і абараню гэты горад.

І сказаў Ісая: Прынясіце вязанку смокваў і прыкладзіце да нарыву, і ён будзе здаровы. Эзэхія ж сказаў: Які знак мне будзе, што я ўвайду ў дом Пана? Ісая сказаў: Такі будзе табе знак ад Пана, што выканае Ён слова, якое сказаў: Вось Я вярну назад на дзесяць ступеняў сонечны цень, які прайшоў па ступенях Ахаза. І вярнулася сонца на дзесяць ступеняў, па якіх ужо спусцілася.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Іс 38, 10. 11. 12abcd. 16  (Р.: пар. 17b)

Рэфрэн: Пан захаваў маю душу ад згубы.

10. Я казаў сабе: У палове дзён маіх *
я павінен адысці у брамы  адхлані,
я пазбаўлены рэшты *
маіх гадоў.

Рэфрэн:

11. Я казаў: Не ўбачу я Пана *
на зямлі жывых,
не ўбачу больш чалавека *
сярод жыхароў гэтага свету.

Рэфрэн:

12. Разбяруць маё жыллё і перанясуць ад мяне, *
як шалаш пастуха.
Я павінен адрэзаць, як ткач, сваё жыццё. *
Ён мяне адрэжа ад асновы.

Рэфрэн:

16. Кім Пан апякуецца, той жыве, *
і ва ўсім гэтым — жыццё майго духа.
Ты аздаравіў мяне *
і захаваў маё жыццё.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 10, 27
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць Мой голас, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 12, 1–8

Сын Чалавечы — Гаспадар шабату

+ Чытанне святога Евангелля паводле  Мацвея.

У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат.

А Ён адказаў ім: Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім? Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам?

Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя? Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню. Калі б ведалі вы, што азначае: Міласэрнасці хачу, а не ахвяры, — не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — Гаспадар шабату.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ.
Крыніца тэксту - catholic.by